КЕМАЛІ́СЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,

нацыянальная рэвалюцыя ў Турцыі ў 1919—23. Назва ад імя кіраўніка — ген. М.Кемаля (Атацюрка). Пачалася як нац.-вызв. рух ва ўмовах паліт. і сац.-эканам. крызісу, выкліканага паражэннем Турцыі ў 1-й сусв. вайне і акупацыяй ч. яе тэрыторыі войскамі Антанты. З 1920 набыла характар вызв. вайны (гл. Грэка-турэцкая вайна 1919—22). Мела на мэце абарону нац. суверэнітэту краіны і яе мадэрнізацыю ў новых гіст. умовах. Асн. масу ўдзельнікаў складалі сяляне, кіруючая роля належала нац. буржуазіі, інтэлігенцыі і афіцэрству. Асн. падзеі: абранне Сіваскім кангрэсам нац. арг-цый (вер. 1919) Прадстаўнічага к-та (часовага ўрада) на чале з М.Кемалем; прыняцце парламентам (28.1.1920, г. Стамбул) дэкларацыі незалежнасці і разгон парламента акупантамі (сак. 1920); скліканне (23.4.1920, Анкара) Вял. нац. сходу Турцыі, які абвясціў сябе адзінай законнай уладай у краіне; сав.-тур. дагавор аб сяброўстве і братэрстве (сак. 1921); перамога рэв. арміі пры матэрыяльнай дапамозе Сав. Расіі над грэч. інтэрвентамі (1921—22); прызнанне незалежнасці Турцыі і адмена кабальнага Сеўрскага мірнага дагавора 1920 у час Лазанскай канферэнцыі 1922—23; ліквідацыя султаната (1.11.1922) і абвяшчэнне рэспублікі (29.10.1923). У ходзе К.р. і наступных пераўтварэнняў (ліквідацыя халіфата ў 1924 і інш.) Турцыя зрабіла пераход ад феад.-тэакратычнай імперыі да свецкай рэспублікі.

Літ.:

Шамсутдинов АМ. Национально-освободительная борьба в Турции 1918—1923 гг. М., 1966.

В.У.Адзярыха.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)